Рецензия на "Затерянный мир" на белорусском языке

Опубликовано: 24.06.2012

Гісторыя – гэта калектыўная памяць пра сваё мінулае. Паняволеным народам яна часам паспяхова замяняе "армію, авіяцыю і флот". Расцярушаным па свеце габрэям яна амаль дзве тысячы гадоў дапамагала захаваць аўтэнтычнасць і ўрэшце вярнула бацькаўшчыну, дзяржаву і мову. Акупанты разумелі моц гістарычнай памяці. Таму, напрыклад, беларускія гісторыкі міжваеннага часу амаль цалкам ляглі ў курапатах, а польскія – у майданэках ды асвенцімах.

Не ведаю, ці бываюць цалкам аб'ектыўныя працы гісторыкаў, тым больш, што пісьмовыя крыніцы іх даследаванняў часта тэндэнцыйныя або сфальшаваныя. Нават у працах еўрапейскіх даследчыкаў пра далёкую Японію будзе праглядацца заангажаванасць з-за іх раялісцкіх або дэмакратычных перакананняў. А што ўжо казаць, калі аўтар піша пра гісторыю роднага краю, тым больш працу папулярна-асветніцкую?!

Паўжартам можна сказаць, што гісторыя – міфатворчасць у межах верагоднага. Гэтая "міфатворчасць" найбольш узмацняецца, калі народ вядзе нацыянальна-вызваленчую барацьбу, калі ён становіцца на шлях імперыялістычнай агрэсіі, або калі адбываецца рэвалюцыя ідэалогіі. Найяскравейшыя прыклады дзвюх апошніх сітуацый можна знайсці ў нашых усходніх суседзяў -- пачынаючы ад "шапкі Манамаха", "Тмутараканскага каменя" і "Слова пра паход Ігаравы" і канчаючы "залпам Аўроры", "перамогай пад Псковам і Нарвай", або "подзвігам Гастэлы". Падобнага ў расейскай гісторыі можна набраць на добры шматтомнік.

Заангажаванасць гісторыкаў у нацыянальна-вызваленчыя перыяды "мякчэйшая", гуманістычная, яна менш агрэсіўная і больш "захаваўчая".

Сказанае вышэй прыходзіць да галавы пасля прачытання "Затерянного мира" Ігара Літвіна. Гэтая праца прысвечана некаторым вузлавым, лёсавызначальным перыядам нашай мінуўшчыны. Аўтар не прафесійны гісторык, аднак, як выглядае, асоба шырока абазнаная ў мінуўшчыне беларусаў і іх суседзяў, да таго ж мае выразна крытычны склад мыслення. Гэтая "непрафесійнасць" дазваляе яму без дагматычнай закамплексаванасці аднесціся да шмат якіх "свяшчэнных кароў" сучаснай гістарыяграфіі, прапанаваць чытачу свой, часам нетрадыцыйны погляд на шэраг падзей і з'яў мінулага. Кніжка напісана ў выразна публіцыстычным стылі, месцамі яна правакуе і нават шакіруе. І гэта добра. Яна прымушае думаць, спрачацца, з нечым не пагаджацца, шукаць новыя факты і доказы. Вось і ў мяне ёсць, напрыклад, пярэчанні супраць фактычнага адмаўлення "татара-мангольскага іга". Разумею некаторых сённяшніх маскоўскіх ура-патрыётаў – душа не можа сцярпець самой думкі, што край іх продкаў два з паловай стагоддзі быў улусам нейкай там татарскай арды. Аднак археолагі пры раскопках украінскіх і цэнтральнарасейскіх старажытных гарадоў паўсюдна знаходзяць сляды жахлівага пагрому другой чвэрці XIII стагоддзя – пажарышчы, шкілеты забітых і папаленых, татарскія наканечнікі стрэл. Археолагі знайшлі гарады Залатой Арды, і раскапалі некаторыя з іх. Пра нашэсце татара-манголаў і доўгае іх панаванне на большай частцы Усходняй Еўропы матэрыяльна сведчыць мноства рэчаў. А рэчы, як і магілы, цяжка паддаюцца фальшаванню.

А вось у Беларусі ніколі не было татара-мангольскага прыгнёту. Гэта праўда. Як праўда і тое, што менавіта беларускія ваяры ўжо ў пачатку XIV стагоддзя пачалі ў Еўропе антымангольскую рэканкісту, вызваляючы землі Украіны і вярхоўяў Дняпра.

За апошнія паўтара дзесятка гадоў кніжак па беларускай мінуўшчыне, асабліва старажытнай і сярэднявечнай, пабачыла свет больш, чым за ўсё мінулае паўтысячагоддзе айчыннага кнігадруку. І ў гэтым даўжэзным шэрагу сваё месца займее і праца Ігара Літвіна. І знойдзе зацікаўленага і ўдзячнага чытача. Але і крытыка знойдзе таксама.

Міхал М. Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук.